x
≡ меню
Авторский проект художника Сергея Стельмашонка

Дзіўная рыба Льра
(казка)

Дзіўная рыба Льра   Жыла-была дзіўная рыба Льра. У кожнай яе лусцэ адбівалася сонца – нібы ў малюсенькім люстэрку. У рыбы былі яркія плаўнікі, хвост з палоскамі і прыгожыя вочы. Калі вы ведаеце, то ў рыб чым болей вылупленыя вочы – тым рыба лічыцца прыгажэйшай. Дык вось Льра была найпрыгажэйшая.

Усё ў яе жыцці было ціха і спакойна. Прачнулася, паплавала, пад’ела, паплавала, заснула.
Ды аднойчы Льра зразумела, што трэба нешта мяняць. Ўсе яе сяброўкі круцілі плаўнікамі ля скроні, але Льра дакладна ведала: нешта не так. Прычым самае цікавае, што ёй ніхто нічога не казаў. І зусім не таму што рыбы не могуць размаўляць (на самай справе рыбы размаўляюць, ціхенька патрэскваючы – тррррр. Гэта чуваць, калі жывеш пад вадой). Яна проста зразумела гэта, і ўсё! Як разумеюць, што сіняе неба – прыгожае, цёплае мора – ласкавае, а дробны пясочак – мяккі.

Льра зразумела, што хоча ўсё змяніць, і... паплыла на бераг. Сяброўкі спрабавалі яе ўтрымаць – куды там! Льра падплыла да берага і папаўзла ўверх, прама да сонца, якое ўсё ярчэй адбівалася ад яе лускавінак.
Калі рыбакі, сядзеўшыя на беразе ўбачылі, што да іх з вады, бадзёра варушачы плаўнікамі, паўзе рыба, вылупіўшы вочы, яны перапалохаліся: можа, яны не прачыталі ў газеце ці ў інтэрнэце, што з сённяшняга дня ўсе змянілася і цяпер рыбы будуць вудзіць людзей! Рыбакі пакідалі свае спінінгі, шпулькі, гаплікі, лёскі і кінуліся бегчы. Але рыба Льра гэтага нават не заўважыла, таму што яна ішла ў лес.

Льра прыйшла ў лес і залезла на дрэва. Ад шпацыру па зямлі яе плаўнікі сталі моцнымі і на іх нават выраслі кіпцікі, якімі яна з усіх сіл чаплялася за галінку.
Да дзіўнай рыбы Льры з усяго лесу зляцеліся птушкі. Яны гаманілі і смяяліся над ёй:
– Ой, глядзіце, ні хваста, ні крылаў – а туды ж, ірвецца ў неба! – крычалі яны.
Льра нічога не магла ім адказаць, таму што маўчала як рыба, а ўвесь лес стракатаў, шчабятаў і рагатаў над ёй.

І тады Льра адламала маленькую галінку і раптам Я-А-АК СВІСНЕ Ў ЯЕ!!!
Усе птушкі адразу паважліва змоўклі, таму што яны не ўмелі так гучна і прыгожа свістаць.
А рыба Льра расправіла свой хвост, разгарнула яркія плаўнікі, падобныя на крылы, і горда паглядзела вакол. І ўбачыла, што побач на дрэвах сядзяць яе сяброўкі-рыбы, якія па яе слядах прыйшлі ў лес. І тут раптам усе яны ўзмахнулі плаўнікамі і паляцелі. Дзіўныя стварэнні ляцелі па-над дрэвамі, на галінах якіх сядзелі птушкі, здзіўлена разінуўшы дзюбы. У кожнай з мільёнаў рыбіных лускавінак адбівалася сонца, дзякуючы чаму дрэвы, луг, рэкі, мора, аблокі – усё вакол заззяла яркімі, вясёлымі фарбамі.

Як рыбы гэта зрабілі?
Вельмі проста – са свістам!

- Канец -




Другие постеры в разделе Казкі старэнькага смартфона

    Дон Жыльберта Гайвота сядзеў на балкончыку. Ён жмурыўся ад спякоты партугальскага сонца і глядзеў на хвалі ракі Дуэра, што плёскаліся ля самых дзвярэй яго фамільнага дома, выбудаванага яшчэ Фернанда Гайвота – знакамітым мараходам, які з ...
      Былі ў аднаго цмока тры галавы. Дзве галавы вельмі разумныя, а трэцяя – не надта каб. Таму усё навокал клікалі яе Дурнічкай. І ў весь час з-за яе цмок трапляў у непрыемнасці – то Дурнічка агнём у замак плюне, то прынцэсу ўкрадзе, то ...
        У самым цэнтры старажытнага горада ляжала велізарная лужына. Часцяком праз яе скакалі коні з моцна сядзячымі ў сёдлах жалезнымі рыцарамі, і тады ўсе навокал былі абляпаны бруднымі пырскамі, зіхоткімі на сонцы, нібы брыльянты. Аднак перапэцканыя ...
          У адной туманнай краіне шэрых хмар і пастаяннага дробнага дажджу жыла-была яхідна. Яна была вельмі мілая і добрая, але ніхто з мясцовых жыхароў не хацеў з ёй сябраваць, бо ўсе думалі, што яе імя адпавядае характару – верагодна, з'едліваму і ...
            Жыла-была шматвочка. Клікалі яе так з нагоды таго, што калі ўсім звярам раздавалі вочы, яна пажадала сабе адразу шмат вачэй: і дальназоркія вочы арла, і начное бачанне котак, і сеткаватыя вочкі страказы, пазіраючыя адразу ва ўсе бакі, і рыбіны вочы, ...
              Роўна пасярэдзіне аднаго цудоўнага горада цякла рака. Прыгожая, спакойная. Правы бераг яе, скалісты, узвышаўся вельмі высока. А левы, ледзь ўзгорысты, быў увесь пакрыты кветкамі і дрэвамі з найсмачнейшай садавінай. Скалісты бераг забудавалі дамамі, ...
              На главную ~ Новости ~ Контакты

              Коты и Мечты. Авторский проект художника Сергея Стельмашонка.
              Минск, Беларусь
              +375 293 1234 16
                                                                          
              ru.cats-n-dreams.com

              Сайт работает на платформе Nestorclub.com

              Copyright © 2009-2024 Cats & Dreams. Сергей Стельмашонок. Все права защищены.
              На сайте Коты и Мечты собрана коллекция постеров и рисунков белорусского художника Сергея Стельмашонка. Сергей много лет иллюстрирует статьи в журналах и газетах, однако его главная страсть – изображения ПОЗИТИВНЫХ котов. Каждый кот в его рисунках – это особый характер или ситуация, в которых вы можете узнать себя и своих знакомых.