x
≡ меню
Авторский проект художника Сергея Стельмашонка

Эльф і пралеска

Эльф і пралеска

Даўным-даўно, калі кветкі яшчэ ўмелі размаўляць ды ніхто не здзіўляўся чароўным істотам, сустрэліся эльф і пралеска. Ну як сустрэліся – маленькі эльф, пралятаючы над апошнімі воблачкамі снега, якія хутка пераўтвараліся ў звонкія вясеннія ручаі, заўважыў драбнюсенькую пяшчотна-фіялетавую кветачку. Эльф ветліва павітаўся, пралеска адказала – яны й пасябравалі. У тыя часы ўвогуле ўсе ставіліся адзін да аднаго добра, акрамя гоблінаў, – але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Эльф пачаў прылятаць да кветкі кожны дзень, і яны вялі працяглыя гутаркі аб усім: аб матыльках, што праляталі паблізу, аб чароўным сонцы, аб касмічнай энергіі ды аб заўтрашнім першым вясеннім дажджы.

Чым больш яны размаўлялі, тым больш разумелі, наколькі ім аднаму з адным цікава. Эльф нават перанёс свой казачны домік бліжэй да кветкі – каб бавіць з ёй як мага больш часу. Гэтак прайшлі люты і красавік, на працягу якіх сябры былі неразлучныя. Кветка расла, станавілася ўсё больш старэйшай, а эльф зусім не мяняўся – што рабіць, час жыцця ў іх адлічваўся не аднолькава. І калі праз два месяцы пралеска стала зусім старэнькай ды сівой, эльф сабраў усю сваю эльфійскую радню, каб з дапамогай чараўніцтва павярнуць час жыцця пралескі назад. Але дарослыя эльфы толькі пакруцілі галовамі – яны нічога не маглі зрабіць супраць сіл прыроды. Калі пралеска звяла, эльф плакаў шмат дзён. Ён не здолеў расстацца з пралескай нават тады, калі кветка зусім высахла. Эльф забраў яе ў свой домік ды пачаў даглядаць лужок, на якім раней расла яго сяброўка. Эльф вельмі спадзяваўся на цуд.

Ды цуд адбыўся! Роўна праз год на тым жа самым месцы з зямлі асцярожна вызірнула малюсенькая фіялетавая кветачка. Новая пралеска нічога не памятала аб падзеях мінулага года, а эльф нічога ёй і не распавядаў. Замест гэтага эльф выкарыстоўваў кожнае вольнае імгненне, каб быць побач з кветкай, якая станавілася што ні дзень прыгажэйшая.

Хутка праляцелі два месяцы, кветка стала старэнечкай ды засохла, эльф ізноўку быў няўцешны. Але ён паспадзяваўся на новае дзіва. Ды праз год кветкавае чараўніцтва зноў здзейснілася: з’явілася маленечкая пралеска, якая, як і раней, нічога не памятала з падзей мінулых гадоў.

Гэтак цуды, якія адначасова суцешвалі ды разбівалі сэрца эльфа, адбываліся год за годам. Дзесяцігоддзі складаліся ў стагоддзі. Эльф паціху сталеў, станавіўся разумнейшы, хаця рост яго і не змяняўся, як і заведзена ў эльфаў, і таму знешне ён падаваўся малянём. Цягам шматгоддзяў амаль увесь ягоны домік напоўніўся сухімі кветкамі, і кожны год вясной эльф усхвалявана чакаў дзіва, якое абавязкова здаралася – ізноў ды ізноў. І новая пралеска з цікаўнасцю распытвала эльфа наконт самых розных рэчаў. Але вось аднойчы, калі ўжо амаль скончыліся два месяцы, адведзеныя імпрыродай для сяброўства, пралеска спытала, чаму дзверы ў дамок эльфа заўсёды зачыненыя ды што ён хавае ўнутры. Эльф распавёў пралесцы ўсю праўду, паказаўшы сухія кветкі ў сваім доміку.

–Які жах! – толькі й паспела сказаць пралеска ды адразу абвяла. А засмучаны эльф пачаў цярпліва чакаць наступнага года. Але вось што цікава: у гэты раз, ледзь з’явіўшыся, маладая пралеска адразу ж спытала ў эльфа пра кветкі ў доміку. Уздыхнуўшы, эльф распавёў пралесцы ўсю гісторыю іх знаёмства ды сяброўства, ад пачатку да канца. Пралеска слухала ўважліва, задаючы настолькі разумныя пытанні, што падавалася, быццам пралеска – дарослы філосаф, а ягоны суразмоўца-эльф – зусім маляня. У размовах на самыя розныя тэмы прайшла амаль палова з чарговых двух месяцаў, адведзеных ім прыродай для зносін. І вось у адзін з днёў эльф настолькі захапіўся гутаркай, што зусім перастаў звяртаць увагу на тое, што рабілася навокал. А трэба было б: справа ў тым, што адзін звераваты гоблін сарваўся з ланцужка ды штосілы панёсся да эльфа. Разумеючы, што ўратаваць сябра зараз здолее толькі цуд, пралеска вырвалася з зямлі й пачала з усёй моцы хвастаць гобліна па шчоках. І хаця яе пяшчотныя пялёсткі разляталіся ва ўсе бакі, пралеска не звяртала на гэта ніякай ўвагі. Агаломшаны гоблін пабег прэч, а эльф кінуўся да пераламанай кветкі.

–Што ж ты нарабіла! – залямантаваў ён. – Навошта ты гэтак зрабіла? Як жа цяпер будзем мы… буду я жыць без цябе?

Дурненькі, – усміхнулася пралеска, – мы ж з табой сябры. І, дарэчы, мы вельмі хутка ізноў будзем разам. Вось пабачыш: не праміне й года!

- Канец -





Другие постеры в разделе Твой кот у курсе справы (кніга казак для будучых дзяцей)

    Жылі-былі кароль і каралева. І хаця ў большасці казак кароль і каралева жывуць у сяброўстве ды згодзе, у гэтай гісторыі нешта пайшло не так: нашыя кароль з каралевай вырашылі ніколі не сустракацца. Такім чынам, каралева загадала пабудаваць ёй ...
      Аднойчы сустрэліся ў кафэ тры смартфоны. Дык таму, што яны даўно ня бачыліся (практычна ніколі), то, хуценька адключыўшы сваіх людзей, пачалі адзін перад адным пахваляцца: у каго ў памяці больш вумных дадаткаў ды чыя камера лепшыя здымкі ў цемрадзі ...
        Аднойчы да мяне на кухню заляцела заморская птушка. Я ад здзіўлення разявіў рот, а птушка, зазірнуўшы ў яго ды ўбачыўшы ў ім зубы, якія я толькі пачысціў, крышачку спужалася. Спужаўшыся ж, яна, як гэта й прынята ў птушак, цыркнула, войкнула ды ...
          Жылі-былі трактар і пад’ёмны кран. Першы пастаянна важдаўся з зямлёй, так што другі, крыху задзіраючы лычык, нават пазіраў на трактар звысоку – маўляў, што гэта ты ўвесь час кешкаешся ў брудзе? Што ў гэтым можа быцьцікавага? У адказ трактар, ...
            Жыў-быў адзін Прынц-Мыш. Ён жыў ў светла-жоўтым палацы, поўнасцю створаным з найпрыгожага сыру. Нядзіўна, што Прынц-Мыш ахвотна шпацырваў па сваім апетытным жытле, кожны дзень прагрызаючы новыя і новыя дзіркі-калідорчыкі. І, хаця сырны палац амаль ...
              Дзеючыя асобы ў парадку з’яўлення: прынц, цмок, прынцэса і конь Дзея пачынаецца ў абсалютнай цемры, чутны толькі гукі. Гукі недзе за сцяной: Цок-цок-цок! Гукі недзе за сцяной, якія набліжаюцца: Туп-туп-туп… Грукат у дзверы: Тук-тук! Грубы голас ...
                На лясной палянцы пасля дажджу, які гішпанцы называюць сіры-міры ( то бок дробны, але ня брыдкі), насустрач сонцу раскрылася маленькая архідэя. Паглядзець на далікатную прыгажуню прыйшлі, прыскакалі,прыляцелі й прыпаўзлі ўсе насельнікі навакольнага ...
                  Даўным-даўно, калі Новая Зеландыя яшчэ адносна нядаўна ўтварылася, на адным з яе астравоў жылі-былі Каала, Качкадзюб ды Кенгуру. Гэтыя звярочкі, якія лічылі сябе идэалам дасканаласці, увесь час пасміхваліся з птушкі Ківі, што жыла побач. – Яна ...
                    …прывязі мне люстэрка, каб, гледзячыся ў яго, прыгажосці дадавалася. Аксакаў, "Пунсовенькая кветачка" Цуды пачаліся зранку ў панядзелак, калі ўсе люстэркі ў свеце, дамовіўшыся паміж сабой, пачалі паказваць пажаданні тых, што глядзеліся ў іх. Такім ...
                      Не ведаю, якім чынам, але ў маёй галаве з’яўляюцца цалкам неверагодныя ідэі: яны ўзнікаюць у выглядзе малюнкаў, слоў, формул ці схем. Я вельмі хачу падзяліцца ідэямі з навакольнымі супрацоўнікамі, але на мяне не звяртаюць ні наймалой увагі: мяне для ...
                        Мастакам часцей за ўсё падабаюцца іхнія творы. Вы напэўна чулі, што Пігмаліён нават закахаўся! Але здараецца й інакш. Вось аднойчы мастак узяў квадратную рамку з палатном ды вырашыў намаляваць смайлік. Толькі не вясёлы, як ва ўсіх, але асаблівы, ...
                          Чалавечае вока вельмі хітрае: у любым незразумелым малюнку яно хоча ўбачыць нешта знаёмае. Напрыклад, гуляеш па парку, а ў пераплеценых карнях дрэваў пачынае ўяўляцца тыгр з носам з сасновай шышкі. Ці вунь той далёкі куст падаецца падобным на ...
                          На главную ~ Новости ~ Контакты

                          Коты и Мечты. Авторский проект художника Сергея Стельмашонка.
                          Минск, Беларусь
                          +375 293 1234 16
                                                                                      
                          ru.cats-n-dreams.com

                          Сайт работает на платформе Nestorclub.com

                          Copyright © 2009-2024 Cats & Dreams. Сергей Стельмашонок. Все права защищены.
                          На сайте Коты и Мечты собрана коллекция постеров и рисунков белорусского художника Сергея Стельмашонка. Сергей много лет иллюстрирует статьи в журналах и газетах, однако его главная страсть – изображения ПОЗИТИВНЫХ котов. Каждый кот в его рисунках – это особый характер или ситуация, в которых вы можете узнать себя и своих знакомых.