Былі ў аднаго цмока тры галавы. Дзве галавы вельмі разумныя, а трэцяя – не надта каб. Таму усё навокал клікалі яе Дурнічкай. І ў весь час з-за яе цмок трапляў у непрыемнасці – то Дурнічка агнём у замак плюне, то прынцэсу ўкрадзе, то рыцару на нагу наступіць.
І вырашылі дзве галавы трэцюю навучыць розуму. Трыста гадоў вучылі-вучылі, а ў Дурнічкі ўсе веды ў адно вуха залятаюць, а з другога вылятаюць.
Затое самі разумныя галовы за час вучэння столькі ўсяго даведаліся, што іх запрасілі стаць прафесарамі універсітэту. А як тут пойдзеш вучыць студэнтаў – з вось гэткай трэцяй галавой!
І звярнуліся цмокавы галовы ў надзеі да дзяўчыны-псіхатэрапеўта: можа яна наставіць на розум Дурнічку. А псіхатэрапеўт як убачыла такога цмока – адразу зарагатала, спыніцца не можа! Разумныя галовы пакрыўдзіліся, нават хацелі было па старой памяці яе праглынуць. А потым глядзяць – Дурнічка таксама ўсміхаецца: спадабалася ёй людзей смяшыць.
І з таго часу днём і ўвечары мудрыя галовы выкладаюць ва ўніверсітэце, дзе Дурнічка дапамагае ім маляваць крэйдай на велізарнай дошцы ўсялякія графікі. А па раніцах Дурнічка выступае ў цырку і радасна рагоча разам з дзеткамі-гледачамі.
Разумныя галавы таксама патроху да цырка папрывыкалі і не перашкаджаюць Дурнічцы выступаць. Але ж сапраўды зараз трэцюю галаву ўсё вакол клічуць Смяшынка.
- Канец -