Даўным-даўно, калі кветкі яшчэ ўмелі размаўляць ды ніхто не здзіўляўся чароўным істотам, сустрэліся эльф і пралеска. Ну як сустрэліся – маленькі эльф, пралятаючы над апошнімі воблачкамі снега, якія хутка пераўтвараліся ў звонкія вясеннія ручаі, заўважыў драбнюсенькую пяшчотна-фіялетавую кветачку. Эльф ветліва павітаўся, пралеска адказала – яны й пасябравалі. У тыя часы ўвогуле ўсе ставіліся адзін да аднаго добра, акрамя гоблінаў, – але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
Эльф пачаў прылятаць да кветкі кожны дзень, і яны вялі працяглыя гутаркі аб усім: аб матыльках, што праляталі паблізу, аб чароўным сонцы, аб касмічнай энергіі ды аб заўтрашнім першым вясеннім дажджы.
Чым больш яны размаўлялі, тым больш разумелі, наколькі ім аднаму з адным цікава. Эльф нават перанёс свой казачны домік бліжэй да кветкі – каб бавіць з ёй як мага больш часу. Гэтак прайшлі люты і красавік, на працягу якіх сябры былі неразлучныя. Кветка расла, станавілася ўсё больш старэйшай, а эльф зусім не мяняўся – што рабіць, час жыцця ў іх адлічваўся не аднолькава. І калі праз два месяцы пралеска стала зусім старэнькай ды сівой, эльф сабраў усю сваю эльфійскую радню, каб з дапамогай чараўніцтва павярнуць час жыцця пралескі назад. Але дарослыя эльфы толькі пакруцілі галовамі – яны нічога не маглі зрабіць супраць сіл прыроды. Калі пралеска звяла, эльф плакаў шмат дзён. Ён не здолеў расстацца з пралескай нават тады, калі кветка зусім высахла. Эльф забраў яе ў свой домік ды пачаў даглядаць лужок, на якім раней расла яго сяброўка. Эльф вельмі спадзяваўся на цуд.
Ды цуд адбыўся! Роўна праз год на тым жа самым месцы з зямлі асцярожна вызірнула малюсенькая фіялетавая кветачка. Новая пралеска нічога не памятала аб падзеях мінулага года, а эльф нічога ёй і не распавядаў. Замест гэтага эльф выкарыстоўваў кожнае вольнае імгненне, каб быць побач з кветкай, якая станавілася што ні дзень прыгажэйшая.
Хутка праляцелі два месяцы, кветка стала старэнечкай ды засохла, эльф ізноўку быў няўцешны. Але ён паспадзяваўся на новае дзіва. Ды праз год кветкавае чараўніцтва зноў здзейснілася: з’явілася маленечкая пралеска, якая, як і раней, нічога не памятала з падзей мінулых гадоў.
Гэтак цуды, якія адначасова суцешвалі ды разбівалі сэрца эльфа, адбываліся год за годам. Дзесяцігоддзі складаліся ў стагоддзі. Эльф паціху сталеў, станавіўся разумнейшы, хаця рост яго і не змяняўся, як і заведзена ў эльфаў, і таму знешне ён падаваўся малянём. Цягам шматгоддзяў амаль увесь ягоны домік напоўніўся сухімі кветкамі, і кожны год вясной эльф усхвалявана чакаў дзіва, якое абавязкова здаралася – ізноў ды ізноў. І новая пралеска з цікаўнасцю распытвала эльфа наконт самых розных рэчаў. Але вось аднойчы, калі ўжо амаль скончыліся два месяцы, адведзеныя імпрыродай для сяброўства, пралеска спытала, чаму дзверы ў дамок эльфа заўсёды зачыненыя ды што ён хавае ўнутры. Эльф распавёў пралесцы ўсю праўду, паказаўшы сухія кветкі ў сваім доміку.
–Які жах! – толькі й паспела сказаць пралеска ды адразу абвяла. А засмучаны эльф пачаў цярпліва чакаць наступнага года. Але вось што цікава: у гэты раз, ледзь з’явіўшыся, маладая пралеска адразу ж спытала ў эльфа пра кветкі ў доміку. Уздыхнуўшы, эльф распавёў пралесцы ўсю гісторыю іх знаёмства ды сяброўства, ад пачатку да канца. Пралеска слухала ўважліва, задаючы настолькі разумныя пытанні, што падавалася, быццам пралеска – дарослы філосаф, а ягоны суразмоўца-эльф – зусім маляня. У размовах на самыя розныя тэмы прайшла амаль палова з чарговых двух месяцаў, адведзеных ім прыродай для зносін. І вось у адзін з днёў эльф настолькі захапіўся гутаркай, што зусім перастаў звяртаць увагу на тое, што рабілася навокал. А трэба было б: справа ў тым, што адзін звераваты гоблін сарваўся з ланцужка ды штосілы панёсся да эльфа. Разумеючы, што ўратаваць сябра зараз здолее толькі цуд, пралеска вырвалася з зямлі й пачала з усёй моцы хвастаць гобліна па шчоках. І хаця яе пяшчотныя пялёсткі разляталіся ва ўсе бакі, пралеска не звяртала на гэта ніякай ўвагі. Агаломшаны гоблін пабег прэч, а эльф кінуўся да пераламанай кветкі.
–Што ж ты нарабіла! – залямантаваў ён. – Навошта ты гэтак зрабіла? Як жа цяпер будзем мы… буду я жыць без цябе?
Дурненькі, – усміхнулася пралеска, – мы ж з табой сябры. І, дарэчы, мы вельмі хутка ізноў будзем разам. Вось пабачыш: не праміне й года!
- Канец -