x
≡ меню
Авторский проект художника Сергея Стельмашонка

Мой любімы робат

Мой любімы робат

Аднойчы да мяне на кухню заляцела заморская птушка. Я ад здзіўлення разявіў рот, а птушка, зазірнуўшы ў яго ды ўбачыўшы ў ім зубы, якія я толькі пачысціў, крышачку спужалася. Спужаўшыся ж, яна, як гэта й прынята ў птушак, цыркнула, войкнула ды выляцела назад на вуліцу праз адчыненае вакно.

Ды добра, што птушка цыркнула проста ў стары вазончык з зямлёй, мне нават не давялося выціраць падваконнік.

Гэта была прадмова, галоўнае - далей!

Назаўтра ў старым вазончыку з’явіўся невялікі парастак. Я ж спачатку падумаў, што гэта прарасла кветка, якую я ўгаворваў вылезці вонкі вось ужо некалькі гадоў, але выявілася, што гэта прарасло зернетка робата, якое выпадкова апынулася ў птушыным... ну, самі разумееце.

Парастак, які выявіўся металічным, падміргваў мне вачыма-святлодыёдамі ды хутка павялічваўся па памеры. Зрэшты, гэта й нядзіўна, бо я шчодра паліваў яго машынным алеем! У выніку гэткага абваднення ўжо праз тыдзень маленечкі робат выпрастаў чатыры ножкі, абтросся, выцягнуў хвост з зямлі ды скокнуў мне на правае плячо.

З тых часоў ён толькі на плячы й сядзіць, асабліва на шпацырах. Робат навучыўся ціхусенька чытаць проста ў вуха самыя цікавыя кніжкі, а ў перапынках напяваць маю любімую музыку. І тое, і іншае ён выпампоўвае з Сеціва, карыстаючыся маім безлімітным інтэрнетам.

Калі надзвычайна разумныя вучоныя даведаліся пра майго робата, то вельмі пажадалі яго даследаваць.

А цяпер скажыце шчыра: вы б аддалі ў лабараторыю вучоным з падазрона палымнеючымі вачыма сваю любімую котку? Не? Вось і я робата не аддаў!

Але, каб вучоныя не вельмі плакалі, я параіў ім зрабіць робатаферму ды заклікаць туды чараду заморскіх птушак - высаджваць семачкі робатаў. Гэткім чынам вучоныя і зрабілі: яны знеслі адзін з напаўзакінутых гарадскіх заводаў ды пабудавалі на яго месцы прыгожыя кветнікі, куды цяпер злятаецца процьма птушак з-за далёкіх мораў. Птушкі між іншым высаджваюць зернеткі робатаў самых розных памераў: вялікія робаты растуць на дрэвах, маленькія - на хмызнячках, а зусім маленечкія - на градках.

Мне падаецца, што ўсе людзі любяць робатаў. Дзіва што, яны ж вельмі карысныя: дапамагаюць у хаце, выносяць смецце, ходзяць па крамах, а школьнікам ціхутка падказваюць табліцу множання. А яшчэ падмяняюць гаспадароў на працы. Такім чынам, здараецца, што зойдзеш у нейкі офіс - а там адны робаты. Ды пакуль робаты працуюць, іх гаспадары з радасцю займаюцца любімымі справамі: складаюць вершы, вандруюць, а то й проста спяць.

І ўсе шчаслівыя.

- Канец -








Другие постеры в разделе Твой кот у курсе справы (кніга казак для будучых дзяцей)

    Яна з’явілася ў горадзе, як толькі выпаў першы снег. Ніхто і не звярнуў увагі. Хіба дзіва – яшчэ адна непрыкметная бабулька бродзіць па вуліцы. Неўзабаве людзі настолькі прызвычаіліся сустракаць яе ў горадзе, што нават не заўважалі, як паступова яна ...
      У даўнія часы жылі-былі сёстры-двайняткі. Яны былі так падобныя, што ў дзяцінстве іх пастаянна блыталі. Аднак з цягам часу сёстры пачалі ўсё больш адрознівацца адна ад іншай. Першая была ружовашчокая, рудая ды кучаравая, а іншая накрывала валасы ...
        Напрыканцы года ў эльфаў-"слухачоў" падаўжаюцца востраканечныя вушы, якія становяцца настолькі чуйнымі, што яны чуюць думкі кожнага жыхара Зямлі. Менавіта гэтыя эльфы дапамагаюць Дзеду Марозу ў падрыхтоўцы калядных падарункаў. Тут трэба сказаць, што ...
          На лясной палянцы пасля дажджу, які гішпанцы называюць сіры-міры ( то бок дробны, але ня брыдкі), насустрач сонцу раскрылася маленькая архідэя. Паглядзець на далікатную прыгажуню прыйшлі, прыскакалі,прыляцелі й прыпаўзлі ўсе насельнікі навакольнага ...
            Жыў-быў адзін Прынц-Мыш. Ён жыў ў светла-жоўтым палацы, поўнасцю створаным з найпрыгожага сыру. Нядзіўна, што Прынц-Мыш ахвотна шпацырваў па сваім апетытным жытле, кожны дзень прагрызаючы новыя і новыя дзіркі-калідорчыкі. І, хаця сырны палац амаль ...
              Дзеючыя асобы ў парадку з’яўлення: прынц, цмок, прынцэса і конь Дзея пачынаецца ў абсалютнай цемры, чутны толькі гукі. Гукі недзе за сцяной: Цок-цок-цок! Гукі недзе за сцяной, якія набліжаюцца: Туп-туп-туп… Грукат у дзверы: Тук-тук! Грубы голас ...
                Не ведаю, якім чынам, але ў маёй галаве з’яўляюцца цалкам неверагодныя ідэі: яны ўзнікаюць у выглядзе малюнкаў, слоў, формул ці схем. Я вельмі хачу падзяліцца ідэямі з навакольнымі супрацоўнікамі, але на мяне не звяртаюць ні наймалой увагі: мяне для ...
                  Жылі-былі кароль і каралева. І хаця ў большасці казак кароль і каралева жывуць у сяброўстве ды згодзе, у гэтай гісторыі нешта пайшло не так: нашыя кароль з каралевай вырашылі ніколі не сустракацца. Такім чынам, каралева загадала пабудаваць ёй ...
                    …прывязі мне люстэрка, каб, гледзячыся ў яго, прыгажосці дадавалася. Аксакаў, "Пунсовенькая кветачка" Цуды пачаліся зранку ў панядзелак, калі ўсе люстэркі ў свеце, дамовіўшыся паміж сабой, пачалі паказваць пажаданні тых, што глядзеліся ў іх. Такім ...
                      Жыў-быў маленькі вожык. Яго іголкі былі дзіўна мяккімі, зусім як валасы на тваёй галаве. Дома малянё трымалі ў строгасці, а нядрэмная бабуля казала, што пакуль калючкі ня стануць цвёрдымі, яго ня выпусцяць з хаты пагуляць. Толькі ў школу. ...
                        Адзін кракадзіл быў даволі-такі вумным – а ўсё таму, што любіў вучыцца. І вырашыў ён даведацца,што аб яго розуме думаюць астатнія насельнікі джунгляў. Высунуўшы, быццам перыскопы, вочы над вадой, кракаділ ціхутка падплыў да соннага папугая, які ...
                          Зняможлівая летняя спякота. Па гарачым ходніку павольна паўзе слімак: ён, роспачна растапырыўшы рожкі, спрабуе надаць сабе хуткасці. Але відавочна, што слімак ніколі не дабярэцца да ратавальнага траўніка: пагойдваючы сваім домікам направа-налева, ён ...
                          На главную ~ Новости ~ Контакты

                          Коты и Мечты. Авторский проект художника Сергея Стельмашонка.
                          Минск, Беларусь

                          Сайт работает на платформе Nestorclub.com

                          Copyright © 2009-2026 Cats & Dreams. Сергей Стельмашонок. Все права защищены.
                          На сайте Коты и Мечты собрана коллекция постеров и рисунков белорусского художника Сергея Стельмашонка. Сергей много лет иллюстрирует статьи в журналах и газетах, однако его главная страсть – изображения ПОЗИТИВНЫХ котов. Каждый кот в его рисунках – это особый характер или ситуация, в которых вы можете узнать себя и своих знакомых.