Напрыканцы года ў эльфаў-"слухачоў" падаўжаюцца востраканечныя вушы, якія становяцца настолькі чуйнымі, што яны чуюць думкі кожнага жыхара Зямлі. Менавіта гэтыя эльфы дапамагаюць Дзеду Марозу ў падрыхтоўцы калядных падарункаў.
Тут трэба сказаць, што дзеці амаль заўсёды атрымліваюць у падарунак менавіта тое, чаго яны жадаюць – таму, што дзіцячыя жаданні простыя ды зразумелыя. Так, і настойлівасць у гэтай справе таксама важная.
Але чым старэйшымі становяцца людзі, тым радзей яны атрымліваюць ў падарунак пажаданае. І у гэтым, увогуле, зусім не віна Дзеда Мароза.
- Ну немагчыма ж працаваць! Як разабрацца ў гэтым месіве? У гэтай кучы бязладных думак, грандыёзным струмені супярэчлівых дадзеных?
- Чаму дарослыя жадаюць у адну й тую ж секунду жыць у хаце ў лесе, у кватэры ў Еўропе ды ў шалашы на Мальдывах?
- Як забяспечыць ім поўную свабоду ад абавязкаў пры няўхільным выкананні іх жаданняў?
- Ну, як паступіць з аўтааматарамі, якім калегі, што руляць побач, зычаць лопнуць, скіснуць, перасесці на вярблюда, пацалавацца з бамперам, знікнуць з вачэй ды ўляцець у космас???
У рэшце рэшт, эльфы пасля шматлікіх гадоў няўдалых спробаў вырашылі, што з гэтым трэба нешта рабіць. Яны зладкавалі нараду ды запрасілі Дзеда Мароза як галоўнага эксперта.
Першым выступіў "слухач" Доўгае Вуха, які ў вольны час займаўся медытацыяй.
- Паслухайце, трэба растлумачыць людзям, што гэтак валіць усе мары да кучы нельга. Яны павінны сфакусіравацца, абраўшы АДНО ПРОСТАЕ ЖАДАННЕ – і тады нам будзе зразумела, што рабіць. Давайце скажам, каб яны змоўклі ў розуме, сфакусіраваліся ды загадалі адно жаданне.
- Так, так, выдатна! – закрычалі тыя, што сабраліся. - Трэба проста растлумачыць людзям правілы: яны ж не дурныя, адразу ж загадаюць адно-адзінае жаданне!
Але Дзед Мароз, скептычна прымружыўшыся, прамаўчаў. Усе сабраныя зразумелі, што ідэя так сабе і трэба думаць далей.
А давайце, – усклікнула эльфійка з ружовымі паўпразрыстымі вушкамі, - напішам для іх інструкцыю. Людзі абажаюць гэта! Дакладна, напішам, ды нават лепей – на-ма-лю-ем інструкцыю ў малюнках!!! Будзе як у ІКЕІ!
Мясцовы мастак-эльф адразу пачаў прыдумляць, як ён намалюе комікс-інструкцыю загадвання жаданняў.
Але Дзед Мароз толькі цяжка ўздыхнуў, пэўна, ўзгадаўшы, якімі дзіўнымі словамі называюцца ўсе штуковіны ў ІКЕІ.
- Я дакладна ведаю, што рабіць, - крыкнуў эльф, які апошнія 1000 гадоў працаваў дробным начальнікам, - трэба ўсім людзям загадаць! Дакладна: абавязаць, каб кожны з іх напісаў Дзеду Марозу пісьмо, у якім была б зразумела выкладзена канцэпцыя жадання. І тады, дарэчы, у нас будзе сапраўдны пісьмовы дакумент - з датай ды подпісам. А паштовая служба апрацуе заяўку. Такое пісьмо нават у судзе прымуць да ўвагі…
Тут Дзед Мароз урэшце вымавіў:
- Паслухайце, нельга прымушаць людзей быць шчаслівымі. Гэта іх неад’емнае права, яны павінны самі ім скарыстацца.
- Дык што ж нам рабіць? – хорам спыталі эльфы.
- Што-што… Хопіць тут сядзець, час брацца за працу! "Слухачы" – слухайце! Астатнія – на ўпакоўку!
І эльфы зразумелі, што ў гэтым годзе, як звычайна, дарослыя не атрымаюць сваіх падарункаў.
- Канец -