Аднойчы гародніна паспрачалася, хто з іх найбольш чырвоны. Экспертную камісію ўзначаліў пунсовы памідор, які адразу ж заявіў, што ў чырвоным яблыку выразна бачныя крапінкі ды жаўтаваты бок, у трускаўкі і суніцаў заўважныя зернеткі, вішня відавочна бардовага колеру, маліна і журавіны недастаткова яркія, а грэйпфрут і гранат – увогуле ружовыя.
Канешне, ёсць яшчэ чырвоны перац – вунь ён стаіць. Можна падумаць, што ягоны колер – сапраўдны чырвоны, але – паглядзіце, - які ў яго велізарны ды крывы зялёны хвост!
Пасля гэтага абмеркавання ўсе без ахвоты прызналі, што памідор – самы чырвоны,і згадзілісярухацца за ім па сапраўды чырвоным шляху.
Калі гародніна і садавіна падышлі да раздарожжа, памідор сказаў: "Глядзіце – урэшце, нашае святло!" Ды павёў усю кампанію праз дарогу.
Убачыўшы гэта, першы ж кіроўца абурыўся: "Ды што ж гэта такое! Можна падумаць, яны ня бачаць, што для мяне гарыць зялёны!?". Вядома, кіроўца сказаў усё гэта іншымі словамі, але мы ня будзем паўтараць іх, таму што нас чытаюць вельмі культурныя і выхаваныя людзі.
***
На наступны дзень у парніку быў мітынг, і чырвоных засунулі ў далёкі кут. Да ўлады прыйшлі зялёныя. Адразу ж з ценю выкаціўся зялёны памідор і актыўна ачоліў новы рух, у які неадкладна ўвайшлі зялёны перац, шпінат, браколі, авакада, шпараг, капуста, агурок, цукіні ды зялёны яблык.
***
За мітуснёй з цянёчку спагадліва назіраў жоўты памідор, які быў упэўнены, што хутка прыйдзе і ягоны час.
- Канец -