Яна з’явілася ў горадзе, як толькі выпаў першы снег. Ніхто і не звярнуў увагі. Хіба дзіва – яшчэ адна непрыкметная бабулька бродзіць па вуліцы.
Неўзабаве людзі настолькі прызвычаіліся сустракаць яе ў горадзе, што нават не заўважалі, як паступова яна пачала зменьвацца.
Бабулька была Лаўцом Слядоў на снезе.
Вось мужчынскі след, які шырока шагае ў фірмавых супермодных красоўках. Што гэта за чалавек? Аб чым ён марыць? Якую сілу можна адяго атрымаць?
Бабульцы трэба было правільна "прачытаць" сляды. Ніякай памылкі! Калі памылішся – жах, што будзе. Але калі ты ўдачлівы лавец слядоў, то можаш забраць сабе нейкую якасць па тваім жаданні. Праўдзіва кажучы, нават дзве якасці. Але аб гэтым пазьней.
Бабулька пажадала ды - ап! – атрымала ад "красовак" кіпкую энергію здароўя.
Ад вінтажнага следу ботаў Гучы (ніякай памылкі!) яна займела багацце. Потым доўга ды прыдзірліва абірала з россыпу слядоў вытанчаных абцасаў – бабулька планавала атрымаць прыгажосць, прывабнасць, свежы колер твару, павойныя кудзеры ды даўгія пальчыкі, ды ўсё - за адзін раз, ад якіх-небудзь лабутэнаў. Тут нельга прамахнуцца – выпадкова ж можна атрымаць і булімію, а тады плакала здароўе, якое дасталася ад красовак.
Зрэшты, як мы ўсе разумеем, у любой магіі ёсць адваротны бок. Справа ў тым, што ад кожнага з адбіткаў падэшваў чараўніца атрымоўвала не адну, але адразу дзве якасці. Другая часцей за ўсё выяўлялася непатрэбнай – гэткі тавар ў нагрузку. І горш за ўсё было тое, што бабулька нават не ўяўляла, якая гэта будзе якасць.
Вось, напрыклад, яна знянацку пачала разбірацца ў нанясенні абаронных пакрыццяў на палімернай аснове дыёднага размеркавальніка. Бабулька нават ня ведала, як гэта атрымалася, але яна стала лепшым спецыялістам ў гэтай вобласці. Праўда, тое хутка мінула: пасля адбіткаў жаночых туфлікаў яна запамятавала аб дыёдных размеркавальніках ды ў дадатак стала майстрам у нарошчванні пазногцяў.
Гэтак бабулька пакрысе змяняла сваё жыццё, становячыся ўсё больш заможнай, прыгожай, энергічнай, разумнай, вясёлай ды шчаслівай.
Кавалеры сталі зазірацца на бабульку (якая выглядала цяпер як годная ды прыгожая дама ва ўзросце), але жанчыны, якія маглі б і здагадацца, што справа нячыстая, ад рэўнасці страцілі здаровы розум ды зласліва прастарэкавалі паміж сабой: "Як жа ж! Знайшлі прыгажуню! Ды з гэткімі грашыма любую старую пачвару будуць узносіць да нябёсаў".
Тут бы нашай бабульцы і супакоіцца. Але магія кліча! Ты думаеш, што навучыўся лавіць сляды, ды не заўважаеш, што яны самі ўжо даўным-даўно злавілі цябе.
Аднойчы наша чараўніца (якую цяпер ніхто б ўжо і не назваў бабулькай) схілілася над адбіткамі маленечкіх чаравічкаў. Як міла! Ды галоўнае бяспройгрышна! Ніякіх дадатковых ведаў ды іншых недарэчнасцяў. Зраблю сябе маладой, вырашыла яна.
Ап!
…
Ніхто ў горадзе ня ведае, як гэтак здарылася, і што цяпер рабіць з найпрыгожай заможнай дзяўчынай, якая валодае цудоўным асабняком ды тузінам рознакаляровых Мерсэдэсаў, якая глядзіць на свет поўнымі шчасця наіўнымі блакітнымі вачыма ды толькі й можа, што балбатаць "ця-ця-ця"…
- Канец -