"Наўрад ці знойдуцца іншыя жывёлы, якія адыгрывалі б настолькі вялікую ролю ў гісторыі свету, як дажджавыя чарвякі"
Чарльз Дарвін
Усім вядома, што чарвякі вельмі карысныя.
Яны мільёны гадоў рыхляць глебу, ад чаго раслінам становіцца прасцей дыхаць, харчавацца ды расці.
Але вы, мажліва, ня ведаеце, што галоўная радасць для чарвякоў – выбрацца ў дождж на паверхню зямлі, каб поўзаць па лужынах, лопаючы бурбалкі на вадзе.
Дык вось. Менавіта ў такі цудоўны дажджлівы дзень адзін чарвяк, круцячыся ды рыпаючыся па лужынах, нечакана для сябе трапіў у старую-старую ды амаль закінутую кніжную краму. І адправіўся ён вандраваць па кніжных паліцах, адкрываючы для сябе літаратуру.
Чарвяк узяўся чытаць кнігі – спачатку дзяцячыя, дзе амаль адны малюнкі. Потым – прыгоды і фантастыку. Потым класіку. Філасофію. Прыродазнаўчыя навукі. І, урэшце, чарвяк вырашыў сам напісаць кнігу. Высветлілася, што пісаць не задужа складана – рукапісныя ж літары вельмі падобныя на чарвякоў! Па вушы вышмараваўшыся ў фіялетавае чарніла, чарвяк пачаў пісаць раман, у захапленні скочучы па аркушах паперы і аддрукоўваючы сваім целам літары-чарвячкі (добра, што белай паперы вакол было звышдастаткова). Прычым галоўным мейсцам дзеяння рамана ён зрабіў сваю краму, пераўтварыўшы яе ў частку Краіны Чараўніцтва.
А далей было вось што: аднойчы ў кніжную краму зазірнула настаўніца англійскай мовы па імені Джо. Убачыла яна стос паперы, якая была спісаная фіялетавымі літарамі-чарвячкамі, пачала чытаць – і проста ачмурэла. То бок больш увогуле не магла ні аб чым думаць – настолькі ёй спадабалася.
Ну, а потым хітрамудрая Джо дамовілася з чарвяком, што надрукуе раман у чалавечым выдавецтве, а ганарар яны распалавіняць.
Рэдактар выдавецтва, калі ўбачыў вокладку кнігі, на якой у якасці аўтараў былі азначаны Джо і чарвяк, літаральна зваліўсяпад стол ад рогату. Аднак з-пад стала яму ўсё ж атрымалася ўгаварыць дружную парачку пакінуць на вокладцы толькі прозвішча настаўніцы – Джоан Роўлінг.
Вось так і з’явілася серыя раманаў аб Гары Потэры – доўгая, як хвост чарвячка.
- Канец -